ДЭКЛАРА́ЦЫЯ АБ АБВЯШЧЭННІ НЕЗАЛЕ́ЖНАСЦІ САВЕ́ЦКАЙ САЦЫЯЛІСТЫ́ЧНАЙ РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,

дзяржаўны і паліт. акт аб аднаўленні Беларускай ССР (2-м абвяшчэнні) на асновах, вызначаных у Маніфесце Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўрада Беларусі 1.1.1919. Прынята 31.7.1920 на сумесным пасяджэнні Мінскага губ. ВРК з шэрагам паліт. партый і прафс. арг-цый Мінскай губ. Дэкларацыю падпісалі В.​Г.​Кнорын, А.​Р.​Чарвякоў і І.​Т.​Смілга [ад КП(б)Літбел], А.​М.​Крыніцкі (Бампі; праф. арг-цыі Мінскай губ.), У.​М.​Ігнатоўскі (Бел. камуніст. арг-цыя), А.​І.​Вайнштэйн (Бунд). Прыняцце Дэкларацыі было абумоўлена вызваленнем Беларусі ад польскіх акупантаў і фактычным скасаваннем Літоўска-Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. У сувязі з міжнар. становішчам (мірны дагавор РСФСР з Літвой 12.7.1920; наступленне Чырв. Арміі на Варшаву і інш.) дэкларацыя не акрэслівала граніц Беларусі, а толькі сфармулявала прынцыпы, на аснове якіх павінна быць вызначана яе тэрыторыя. Да склікання з’езда Саветаў БССР уся ўлада ў рэспубліцы перадавалася Ваенна-рэвалюцыйнаму камітэту БССР, адмяняліся ўсе законы і пастановы польскай акупац. улады.

М.​Ф.​Шумейка.

т. 6, с. 338

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)